Дэкалог, шэсць
Дэкалог, шэсць | |
---|---|
польск.: Dekalog, sześć | |
Жанр | драматычны фільм |
Рэжысёр | |
Прадзюсар | Рышард Чуткоўскі |
Сцэнарыст | |
У галоўных ролях |
|
Аператар | |
Кампазітар | |
Кінакампанія | TELEWIZJA POLSKA S.A.[d] |
Працягласць | 58 хв. |
Краіна | |
Мова | польская |
Год | 1989 |
Папярэдні фільм | Дэкалог, пяць |
Наступны фільм | Дэкалог, сем |
IMDb | ID 0094988 |
«Дэкало́г, шэсць» (польск.: Dekalog, sześć) — шостая частка дзесяцісерыйнага тэлецыкла «Дэкалог», прысвечанага Дзесяці запаведзям. Фільм зняты ў 1988 годзе польскім кінарэжысёрам Кшыштафам Кеслёўскім[1]. Прэм’ера фільма на польскім тэлебачанні адбылася 8 чэрвеня 1990 года[2].
Фільм «Дэкалог, шэсць» адпавядае шостай з Дзесяці запаведзяў: «Не чужалож»[3].
Поўнаметражная версія была выпушчана асобным фільмам у 1988 годзе пад назвай «Кароткі фільм пра каханне».
Сюжэт
[правіць | правіць зыходнік]Шостая запаведзь паводле каталіцкай традыцыі: «Не чужалож»[3]. |
Дзевятнаццацігадовы Томэк (Олаф Любашэнка) жыве з маці свайго сябра ў варшаўскай кватэры. Томэк вырас у дзіцячым доме, ён сарамлівы і замкнуты, мае мала сяброў, працуе на пошце. Увесь вольны час ён праводзіць, падглядваючы за прыгожай дарослай жанчынай па імені Магда (Гражына Шапалоўска), што жыве ў доме насупраць. Праз тэлескоп ён назірае за ёй кожную ноч: глядзіць як яна займаецца бытавымі справамі, як працуе над сваімі мастацкімі творамі, як пастаянна сустракаецца з рознымі палюбоўнікамі. Жадаючы часцей бачыцца з Магдай, Томэк дасылае ёй фальшывае паведамленне пра неіснуючы грашовы перавод. Апантанасць Томэка больш арыентавана на яе паўсядзённую дзейнасць, а не на яе сексуальнае жыццё; калі ён бачыць, што ў яе адбываюцца сексуальныя адносіны з мужчынам, то прыбірае тэлескоп і не глядзіць.
Томэк даведваецца, што ёсць праблема з пастаўкамі малака для дома, дзе жыве Магда. Тады ён уладкоўваецца на працу разносчыкам малака, каб быць бліжэй да яе. Аднойчы ноччу ён бачыць, як пасля расставання са сваім чарговым мужчынам, Магда плача ў сябе ў кватэры і разлівае бутэльку малака. Атрымаўшы яшчэ адно фальшывае паштовае паведамленне, Магда ўступае ў канфлікт з супрацоўнікамі пошты, якія абвінавачваюць яе ў вымаганні. Томэк бачыць, што Магда ўзлаваная сваркай на пошце, і, дагнаўшы яе, прызнаецца, што фальшывае паведамленне ад яго, што ён бачыў, як яна плакала, і што назірае за ёй. Тым жа вечарам Магда перасоўвае свой ложак так, каб ён быў добра бачны праз акно. Да яе прыходзіць палюбоўнік, і калі яны ляжаць у ложку, яна распавядае, што за імі зараз сочаць. Мужчына кідаецца на вуліцу, кліча Томэка, каб той выйшаў да яго, і ўдарае яго па твары.
На наступны дзень, сутыкнуўшыся з Магдай пры дастаўцы малака, Томэк прызнаецца, што кахае яе і нічога не чакае ўзамен. Томэк просіць яе пайсці з ім на спатканне ў кавярню – яна згаджаецца. У час спаткання ў кавярні Магда даведаецца, што Томэк назірае за ёй ужо цэлы год, і што ён выкрадаў лісты, якія прыходзілі ёй ад палюбоўнікаў. Спярша яна злуецца, зрэшты хутка супакойваецца, кажучы: «Якое гэта мае значэнне». Яна паказвае Томэку, як мужчыны лашчаць рукі каханых жанчын, але ён, не зважаючы, робіць гэта па-свойму. Прагульваючыся з Томэкам пасля кафэ, Магда бачыць аўтобус, што ідзе да яе дамоў і прапануе яму згуляць у гульню: калі яны паспеюць на гэты аўтобус, то ён зойдзе да яе на госці. Яны бягуць на аўтобус, але не паспяваюць: дзверы зачыняюцца і аўтобус ад’язджае. Аднак праехаўшы некалькі метраў аўтобус спыняецца, каб упусціць іх.
Магда і Томэк прыходзяць да яе дамоў. Пасля душа Магда выходзіць да Томэка ў адным халаце і распытвае, што той бачыць праз акно, калі да яе прыходзяць мужчыны. Пасля яго расповеду, прысеўшы побач з ім, яна кладзе яго рукі на свае сцёгны, і ад гэтага дотыку ў яго адбываецца аргазм. «Вось і ўсё каханне…» — гаворыць Магда. Засмучаны і абражаны, Томэк выбягае з яе кватэры. Магда адчувае сябе вінаватай і намагаецца звязацца з ім, даючы знакі ў акно, каб ён патэлефанаваў ёй. Потым піша на кардоне «Вярніся, прабач» — і выстаўляе ў акно. Але адказу няма. Вярнуўшыся дадому, Томэк рэжа сабе вены. Магда прыходзіць у кватэру Томэка, каб вярнуць паліто, якое ён пакінуў у яе, і даведваецца, што той спрабаваў скончыць жыццё самагубствам і цяпер ляжыць у лякарні. Жанчына, у якой жыве Томэк, паказвае Магдзе яго пакой і тэлескоп і гаворыць: «Вас гэта, напэўна, насмяшыць, але ён закахаўся ў Вас».
Магда паўсюль шукае Томэка, яна яўна занепакоена і клапоціцца пра яго. Аднойчы ноччу ў яе кватэры раздаецца тэлефонны званок. Яна падымае і чуе маўчанне. Тады яна, думаючы, што гэта Томэк, прызнаецца яму, што ён мае рацыю наконт кахання. Але гэта не Томэк, у яе проста праблемы з тэлефонам. Пасля некалькіх дзён чакання і цікавання за акном Томэка праз тэатральны бінокль яна нарэшце заўважае, што ён вярнуўся. Магда прыходзіць на пошту, каб сустрэцца з Томэкам і праз шкляныя дзверы бачыць, што ён на працоўным месцы. Яго рукі забінтаваныя на запясцях. Яна заходзіць і з пяшчотай глядзіць на яго, але ён толькі гаворыць: «Я больш не падглядваю за Вамі».
Акцёрскі склад
[правіць | правіць зыходнік]
Гражына Шапалоўска | – Магда |
Олаф Любашэнка | – Томэк |
Стэфанія Івіньска | – гаспадыня Томэка |
Артур Барчыш | – чалавек з чамаданам |
Станіслаў Гаўлік | – Вацэк, паштальён |
Пётр Махаліца | – Раман («Дэкалог, дзевяць») |
Рафал Імбра | – палюбоўнік Магды |
Ян Пехаціньскі | – палюбоўнік Магды |
Малгажата Ражнятоўска | – загадчыца пошты |
Саўндтрэк
[правіць | правіць зыходнік]Выхад
[правіць | правіць зыходнік]Прэм’ера фільма адбылася 10 верасня 1989 года на Венецыянскім кінафестывалі[2]. Пазней фільм дэманстраваўся на Кінафестывалі ў Чыкага 21 кастрычніка 1989 года[4]. Прэм’ера фільма на польскім тэлебачанні адбылася 8 чэрвеня 1990 года[2].
Зноскі
[правіць | правіць зыходнік]- ↑ Dekalog (польск.). Інтэрнэт-база польскага кіно. Праверана 18 чэрвеня 2021.
- ↑ а б в Dekalog, szesc (TV Episode 1989) — Release Info (англ.). Сайт «Internet Movie Database». Праверана 18 чэрвеня 2021.
- ↑ а б Агульны катэхізіс . Афіцыйны інтэрнэт-партал Каталіцкага Касцёла ў Беларусі. Праверана 18 чэрвеня 2021.
- ↑ More of the 25th Chicago International Film Festival (англ.). Сайт «Chicago Reader» (19 кастрычніка 1989). Праверана 18 чэрвеня 2021.
Літаратура
[правіць | правіць зыходнік]- Joseph G. Kickasola. The Films of Krzysztof Kieślowski:The Liminal Image. — A&C Black, 2004. — 332 p. — ISBN 978-0-826-41559-2.
Спасылкі
[правіць | правіць зыходнік]- Дэкалог, шэсць на сайце «Internet Movie Database» (англ.)
- Фільмы паводле алфавіта
- Фільмы 1989 года
- Фільмы-драмы 1989 года
- Фільмы Польшчы 1989 года
- Фільмы-драмы Польшчы
- Тэлевізійныя фільмы Польшчы
- Фільмы на польскай мове
- Фільмы пра Варшаву
- Фільмы Кшыштафа Кеслёўскага
- Фільмы па сцэнарыях Кшыштафа Кеслёўскага
- Фільмы па сцэнарыях Кшыштафа Пясевіча
- Фільмы, музыку да якіх напісаў Збігнеў Прайснер
- Фільмы, знятыя ў Польшчы
- Дэкалог (тэлецыкл)